Пятрусь дайшоў да хаты Прыдатных, перад якою раптоўна спыніўся і кінуў узрокам у акно. На покуці, за сталом, падпёршы бараду рукою, а голаў павярнуўшы ў акно, сядзела Зосіна маці і з некім пільна размаўляла.
— Дзеньдобры, цётка! — гукнуў ёй Пятрусь.
Марта раптоўна павярнула голаў у той бок, адкуль данёсься к ёй гук і, угледзіўшы Пятруся, прыветна, з шырокаю гасьціннаю ўхмылкаю на твары, поўным і румяным, адказала:
— Дзеньдобры, Пятрусь, дзеньдобры, сынок! Зайдзі на часінку пагуляць!..
— Ой, цётачка, калі я дамоў сьпяшу; ня быў яшчэ ад ранку.
— Ай, што там дома — мацеры ня бачыў, ці што…
— Справы ёсьць…
— Ды пакінь ты: хай справы на будні застаюцца.
— А хто ў вас ёсьць? — здаўся Пятрусь.
— Хто? — нікога! Вось я — ды Зося.
— А з кім такую бяседу жывую разьвялі?
— Ха-ха-ха! — няўжо ты пачуў?
— Вось калі! Дык яшчэ ля Сёмкі чуваць.
— Ну, ну, зайдзі, зайдзі, — годзі жартаваць.
— Калі так, то заскочу. Хоць і сьпяшыў да хаты, але, калі цётка Мікалаіха просіць — трэба ўважыць; дамашнія хай прабачаюць мне — на тое-ж нядзеля, — пажартаваў ён.
— Вядома, я-ж і кажу, — падмацавала Марта.
Пакуль яны гутарылі, Зося і не паказалася ў акне. За тое, калі толькі Пятрусь пераступіў парог хаты, як яна кацёлкаю саскочыла з лавы, прыбегла к мыцельніку на сустрэчу яму і завіляла лісіцаю.
— Ну, мой госьціку родны, ну, кумочак, што добрага скажаш? — лепятала жартоўна Зося, закінуўшы на Пятрусёва плячо руку.
Яна была адзета ў белае, з маленькімі пралесачкамі, лёгкае плацьце, сьцягнутае ў паясьніцы шырокаю машастоваю стужкаю; два канцы стужкі зьвісалі між хвальбон да самага краю падолу. На грудзях, паўз шыю, вымулёўваўся шырокі торс, выстаўляючы к сонцу маладое, здаровае поўнае жыцьцёвай сілы, цела. На ядвабнай жыжцы чырвонае мулі, вісела маніста караль, а ў самым тоўстым радку іх выдзяляўся сярэбраны, з сіняю жуковінкай, мэдалік. Рукі яе былі аголены чуць не за локці і красаваліся смуглаю загараю. А на твары, так і трапятала, так і