— А што-ж мне рабіць? Адна ўцякла ў сенцы, другая адвярнулася к вакну, а мне хіба моўчкі сядзець? Харошы госьць, нечага сказаць.
— Уй, уй, каб ты лопнуў, каб ты! — раптам адхіліўшыся ад вакна і стукнуўшы далоняю па сьпіне Пятруся, праляпятала Зося.
Пятрусь ёмка абхапіў яе рукамі, прыціснуў на квадранец к сабе, потым вырваўся і адбег к печы.
— А мо’ ня праўда, га?
— Не шалеце, не шалеце…
— Ну, дык будзе… А ці пойдзеш сёньня гуляць, Зося?
Зося крыху памаўчала, потым адказала:
— Ня ведаю, вось Волькі Ярмалаішкі чакаю.
— А з ёю к Ліню пойдзеце?
Зося паглядзела на мацеру.
— Хто яго ведае. Як мама дазволіць. Далекавата, але парадзімся з Волькаю.
— Ой, чаму: і маці пусьціць, і Волька захоча. Прыходзьце; прыдзем туды і мы: я, Сёмка і Рыгор; Гэля таксама казала, што прыдзе.
— Вы пусьціце яе к Ліню, цётка? — запытаў ён Марту.
— Чаму не, галота хоць у балота, — адказала тая з гіроніяй…
— Вось бачыш, прыходзьце, няпрыменна…
— Траха што пры… Нехта, здаецца, дзьвярыма бразнуў?
— А, а, на іх дохлае, на іх, гэта ўжо сьвіньні. І чорт іх ведае, што з гэтымі дзьвярыма стала: няўшчыняюцца ды годзі. Эх, эх, вот калі гаспадар! Не ўпрасіць яго паправіць клямку, — сярдзіта крычачы, кінулася Марта ў сенцы.
— Ну, і я пайду… Прыходзь Зося…
Пятрусь яшчэ нешта сказаў, але крык Марты заглушыў яго, і Зося не рашчула. Падышоўшы к акну, яна ўгледзела, як ён хутка падрабязіў за гору.
IV
А ПРАЗ ПЯЦЬ ХВІЛІН, ня болей пасьля ўходу Пятруся, да дому вярнуўся Мікола. Сёньня ён не пасьпеў паабедаць, як кудысь вышаў і цэлы дзень не паказваўся. Марта, седзячы з Зосяю ў хаце, не адзін раз перабівала гутарку ўспамінам пра мужа: «Ай, ай». Ну, і дзе-ж ён дзеўся сёньні, гэты наш бацька?»