таксама цалуецца бясьсьціханьня… Вось падумай, Марта, як-жа пры такіх умовах ня выпіць? Будзь-бы з табою такі выпадак, як-бы ты зрабіла?
Марта крыху памаўчала, весела гледзячы Міколу ў вочы, а потым мякка праказала:
— Так-то так… Але… а нам такі і ўпраўду трэба падумаць… Бадай Зосю і пара ўжо замуж аддаваць…
— Ого-о! Чаму не, — адабрыў Мікола.
— Вось бачыш… А калі аддаваць, то трэба ведаць і за каго… Надоячы мне Арына Самусёва казала, як сакрэт, што Берагі няйначай думаюць посьлязаўтра прыйсьці к нам у сваты. Ліха іх ведае, мо’ і ўпраўду ўсё…
— А наша Зоська, відаць, ня дужа гоніцца за Васілём. Вунь, ведаеш, Стэпін Рыгор у яе на вуме. Вось і нядаўна забягаў к нам Пятрусь Прахораў і нешта балхвіў, што быццам-бы хоча і Стэпа пытацца нас, ці мы ня згодзімся аддаць Зосю за яе Рыгора. Папраўдзе сказаць, Рыгор сам сабою хлопец ня брыдкі, толькі…
Марта разьвяла рукамі.
— Э, не, не, галубка, ты з гэтым маўчы-ч-ч! Што Рыгор, які там Рыгор, — сур’ёзна адказаў Мікола: — Ці-ж нам рацыя згадзіцца сваю Зосю за яго аддаваць? Гэта-ж значыць — бясчэсьціць сябе і весь наш род!!! Эт, дзіўная якая! Каб мы, Прыдатныя сталі сваякамі нейкай там Стэпы? — ніколі, ніколі! Я, дзякаваць богу, яшчэ з вума ня сышоў і ведаю, і бачу, куды і як пахіліць свае справы. З вума ня выжыў… Вось хіба — Рыгор! Дурніца, і ўляпала чорт ведама што… Дроў ніколі не насіла з лесу на плячах, дык папрабаваць хоча. Не, не, гэтага ня будзе, хай сабе ня думае. І ты, глядзі, не патурай ёй…
— Не, не, я згодна з табою, — падтрымала Марта.
Ці згодна яна была з ім, ці не — дагадацца было вельмі трудна, калі-б судзіць па яе твару; скарэй можна было паверыць, што яна толькі суцяшае, калі кажа, што згодна, а суцяшае таму, што Мікола зразу на сур’ёз паставіў справу.
Мікола важна праходзіў па хаце то ўзад, то ўперад і кожнае слова выгаварваў так цьвёрда, з такім націскам, што і сумненьня не магло закрасьціся, каб ён згадзіўся пераіначыць свае думкі, або каго-небудзь паслухаць, ці ўважыць староньняй просьбе.