яскравей і чутней адзнавала даччыны радасьці і мукі, а ад гэтага больш і гарачэй жадала ёй шчасьця; затым яна з большай асьцярогаю глядзела на ўсякія пляны, якія дужа лёгка, але з малою асьцярогаю, будаваліся яе рызыкоўным і хванабэрыстым Міколам. «Добра то добра аддаць Зосю за Васіля: і багацьце, і знатнасьць, і ўсё-усё; толькі-ж трэба ведаць, што яна яго… не шануе… Ну, а гэтага, Рыгора, бач, хоць і любіць — толькі, — мука адна будзе, а ня жыцьцё… У нас яна прывыкла к мяккаму хлебу, а там», — думала Марта, і перш ёй не хацелася пра гэта гаварыць, а потым ня стрымалася і праказала мужу:
— А ведаеш што, Мікола?
— Ну?
— Я ўсё такі думаю адно: нам трэба ўгаварыць Зосю, трэба перш уверыць яе, а тады ўжо крутыя меры прыняць… Вось калі толькі яна захоча, дык чаму-ж ня выдаць за Васіля! Як я буду рада гэтаму!.. Трэба няйначай папрабаваць угаварыць, — няпраўда — здасца… Ну, а калі ўжо ўпнецца — тады можна будзе і на іншыя рады пайсьці…
— Э, пакінь! Нашла каго ўгаварваць! Гэта-ж яшчэ дзіця… Як-то не захоча? Чаму не захоча? А калі я, бацька, захачу? Павінна і яна захацець! — ня ўнімаўся і не адходзіў ад свайго Мікола.
— Эх, і дзіўны ты, дзіўны мужчына! Непамяркоўны ты чалавек, як я бачу! — расьцяжна, матаючы галавою і разводзячы рукамі, прамовіла Марта; зварушылася з мейсца і прайшла к мыцельніку.
Мікола нічога не адказаў: ён над нечым нібы прызадумаўся і, абапёршыся на стол, апусьціў голаў і маўчаў.
Марта выбегла пазваць Зосю. Зося стаяла ў гуртку дзяўчат ля Сёмкінай хаты. Пачуўшы мацерын окліч, яна хутка адлучылася ад сваіх таварышак і пабегла да хаты.
— Такі не дачакаліся, пакуль сама прыду, — заўважыла яна на бягу, параўняўшыся з мацераю.
— А вядома, што не! — суха адказала Марта, — вось павячэраем, тады хоць на цэлую ноч; ніхто табе і слова ня скажа за гэта; а павячэраць то трэба разам.
— Няўжо-ж! Яшчэ бок! А вы мо’-б хацелі, каб я і нядзеляй трымалася за ваш хвартух, — задзёрыста адказала Зося.
— Ну, годзі вышчарацца! Кінь людзей сарамаціць! — спыніла яе Марта і прычыніла ды заткнула за сабою вешніцы.