Зося ўбегла ў хату і зразу заўважыла, што бацька сярдзіта настроен. Ён ня даў ёй нават сесьці за стол, як суха загаманіў:
— А ведаеш што, Зося?
— Ну?
— А вось што; выслухай толькі: к нам думае днямі прыйсьці ў сваты Васіль Бераг.
На яго твары паказаласся чуць прыкметная ўхмылка. Зося-ж маўчала.
— Як ты думаеш? выйдзе з гэтага толк, ці не?
Зося далей маўчала: яна гэта запытаньне пачула ад бацькі першы раз за ўсё сваё жыцьцё, і яго навіна, і голас, якім бацька яго вымавіў, і ўсё тое, што таілася ў слове «замуж», моцна ашаламаніла Зосю. Яна зразу не магла нічога адказаць бацьку, нават ня ведала, ці адказаць яму на гэта. «Замуж! Васіль!» гэтыя два нечаканыя, няпрошаныя, неспадзяваныя словы, так ускалыхнулі ўсю яе істоту, узбаламуцілі думкі, што цяжка было аглуздацца. Тут сьвята, Рыгор, спатканьне з ім, — а побач Васіль, замуж, будні! Дайце літасьці! Хоць яна бокам і чула да таго-сяго, што Васіль думае к ёй прыслаць сватоў; хоць і маці ёй раз напамінала аб гэтым, але Зося нічому не патурала, усё прапускала скрозь пальцы, лічыла нясур’ёзным, далёкім, тым — што калі і павінна быць, — то ня так скора, ня ўрочана… А тут — на табе — як гром з яснага неба! Звалі вячэраць і яна барджэй прыбегла, бо трэба адбыць гэтую павіннасьць і пайсьці на вуліцу да Гэлі, а з тэю да Ліня, дзе будуць хлопцы і дзяўчаты, куды прыдзе і Рыгор. А тут яе спатыкаюць такімі прапановамі: Васіль! Замуж! Яна сёньні цэлы дзень занята Рыгорам, якога так прагла прычакаць, ня бачыўшы так доўга, а ёй… Які ён стаў? Шо ён думае аб ёй? Ці ня ўсумніцца яна пры першым спатканьні з ім пасьля доўгае разлукі? Усё гэта запаўняла яе думкі, усім гэтым Зося толькі і жыла… Чаму-ж к ёй набіваюцца з Васілём? Што для яе Васіль? У сьвята ды думаць аб буднях, улетку аб зіме — ласьне гэта можна; ласьне не баліць сэрца? Зося гэтага сабе не дазволіць! І яна маўчала…
А Мікола задуменна то пазіраў на дачку, то адварочваўся на хату, то ізноў кідаў вачыма на Зосю. Яму рабілася млосна і ён злаваўся чаго яна маўчыць ды сумуе? Няўжо такі і па праўдзе думае пайсьці наперакор сваім бацьком? Не, гэтага не павінна быць, ёй Мікола ні за што ня ўступіць! Дачка павінна слухаць бацькі, павінна споўніць бацькаву волю.