— Што ўжо там за задзёры? — умяшалася Марта, уладваючы вячэру.
— Паненка наша нешта ня ў ласцы сёньні, — укалола сястру Тэкля.
— Чаго-ж ёй не хапае?
— Ня ведаю… Капырсьніцца нешта!.. — ваткнуў Мікола: — чаго ёй не стае, чаго не хапае — то яна і сама ня ведае. Вось толькі намякнуў ёй аб Берагох, дык гэтым так уразіў, што быццам язык адцяў.
— О, хванабэрыя вялікая! — у руку мужу падказала Марта.
— І дзе яна набралася яе? На што лепшае дык ня сквапна, а на гэта — адразу… Эй, дачушка, мая! Рана ты пачула ў сабе моц, як я бачу!.. на нядобрае гэта верне-э…
Мікола перамяніў голас.
— Ты ўсё думаеш, Зоська, што мы табе ліха хочам, ці знарок на цябе бяду наклікаем, калі хочам паставіць на сваём? Эх, эх, дзіўная ты! Мы, твае бацькі, дабра хочам табе; мы цябе ніколі на дурное не папхнём. Мы… мы заўсёды стараліся для цябе лепшага. Васіль будзе цэлая знаходка, як для цябе, так і для нас; гэта-ж цэлы скарб адкрыецца табе. Падумай толькі, нябога! Бераг! Жарты сказаць! У адным гэтым слове хаваецца столькі паважнасьці, столькі самавітасьці, што ўсім на завіду; хто ў мястэчку, а хто і ў ваколіцах. Падумай ты, пасудзі ў сваёй галаве! Бе-ра-гі-ы!..
Мікола важна правёў пальцам па лбу і пацягнуўся ўсім целам, нібы гэтым хацеў прыдаць большую вагкасьць сваім словам. Але Зося імі ня тронулася нізваньня, прапусьціла іх між вушэй. У бацькі свой рашчот, а ў яе свой — хто-ж можа ручыць за тое, чый вярнейшы? Бацьку — бацькаў, Зосі — Зосін. Ці-ж гэта разгадка? І Зося ведала аб гэтым — затым і аставалася пры сваіх думках.
— Вось пакуль суд ды справа — наце вячэрайце! — падаючы на стол міску падагрэтай капусты, ад якой востры смачны пах напоўніў зразу ўсю хату, прамовіла Марта.
На гэта ніхто нічога не адказаў, і Зося, ня ждучы, покуль бацька накроіць хлеба, дастала сама толькі што пачаты бохан, адламала акраяц і ўсмак прынялася есьці.
Тэкля, гледзячы на яе, старалася не астацца. Усмак елі і Мікола з Мартай.