вады і ўнесла ў хату; потым падставіла макацёр і сама паліла Рыгору на рукі.
Рыгор памыўся, выцерся і пачаў апранацца. Стэпа і тут падсабляла сыну, стараючыся паказаць сваімі ўслугамі, наколькі яна любіць і цешыць яго. Але Рыгору ня трэба быхо нічога гэтага, бо ён і так добра адзнаваў і ведаў усё тое, што сядзела ў мацярыным сэрцы…
— Ня турбуйся, маці, я сам, я сам, — стрымлімаў ён.
Апрануўшыся, Рыгор выцягнуў з-пад лавы куфэрак, і, адамкнуўшы яго, дастаў два маленькіх вузельчыкі. Падаючы іх мацеры, ён праказаў:
— Вось вам, маці, гасьцінец! Тут хустачка з кабатом, а гэта — мэшты; а ў дабавак яшчэ гэта, — прыкладаючы з вузельчыкам некалькі зялёненькіх паперачак, праказаў Рыгор.
Расплываючыся ад радасьці, усё гэта ўзяла Стэпа з рук сына, кінулася к яму і моцна і шчыра пацалавала яго ў шчаку.
— Дзякую табе, дзіцятка маё! — толькі і прамовіла.
Далей сьлёзы затрымалі словы, і яна змаўчала.
З паўгадзіны ў хаце было так ціха, што чуваць было, як бзынкалі мухі, як шамацелі тараканы за печчу…
Чуваць было, як два родныя сэрцы, мацеры і сына, цюкалі ў грудзёх, кіпучы хвалямі мацнейшай любві — мацеры к сыну і сына к мацеры.
Рыгор першы загаманіў.
— Дайце мне, мама, перакусіць чаго.
— А чаго-ж табе даць, сынку?
— Што ёсьць у вас.
Стэпа рухава пабегла ў мыцельнік і прынесла на стол кусок тае самае булкі, што ў абед не даелі, а к ёй наліла кубак малака і падала сыру.
— Выбачай, Рыгорка, што больш нічога не прыпасла. Заўтра згатоўлю, — просячы ўважыць за ашчэднасьць, за немагчымасьць чымсь і як найбольш дагадзіць сыну, праказала Стэпа.
— Ды нічога, нічога!! Не клапацецеся вельмі так, маці, — супакоіў Рыгор: — хопіць з мяне, што ёсьць, — дабавіў ён.
Перакусіўшы, Рыгор вылез з-за стала і выйшаў з хаты.
Стэпа прайшла за ім у сенцы, высунула нават голаў на двор і стаяла датуль, пакуль Рыгор не схаваўся з яе ваччу.