Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/77

Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ЧАЦЬВЕРТАЯ



I

ХАТА ЛІНЯ стаяла на рагу Тыльнае вуліцы, пры павароце на Магільны перавулак на Лешы. Дарога Рыгору ляжала траха ня цераз усё мястэчка. Да свайго выезду з Сілцоў Рыгор, як і ўсе сілцоўцы добра знаў, дзе знаходзіцца кожная хата, цяпер-жа, пасьля двух гадоў адсутнасьці, ды яшчэ ў вечар, яму цяжкавата было ўспомніць розныя дробязі і тым болей, што за апошнія гады многа чаго пераіначылася ў Сілцох: так, мо’ разоў пяць трапляліся пажары і нішчылі цэлыя вуліцы мястэчка, а адзін самы большы з пажараў, які трапіўся спусьціўшы год пасьля Рыгоравага ад’езду, так расстроіў быўшы да пажару плян Сілцоў, што ня толькі чалавеку ў Рыгоравых умовах, а і заўсёдным жыхаром неяк ніякавата было глядзець на новую перапляноўку Сілцоў. Толькі Рыгор выйшаў з свайго двара і дайшоў да Перасечнага перавулка, як зразу спыніўся і пачаў меркаваць: «Можа яшчэ далей трэба прайсьці па вуліцы, а мо’ сюды павярнуць направа? Ня ведаю!.. Напрапалую — павярну ў перавулак! рашыў ён і павярнуўся тылкам да вуліцы.

На правым ад яго баку, выяжджаючы з Сілцоў, ён пакінуў, наколькі помніць, старую разваленую карчму Лейбы Бляхара, які так любіў свой куток, што не пакідаў прадаваць гарэлкі пад страхам быць задушаным праваленай страхою. Насупроць Лейбавай карчмы жыў другі, знаёмы яму яўрэй Шолам Стрэльба, самы важны майстар-шапачнік. Як на карчме Лейбы, так і на хаце Шолама былі прывешаны шыльды, размалёваныя ўсякімі хварбамі, розных формаў і гатункаў шапкамі ў Шолама і пляшкамі ў Лейбы.

Калі-б хто ня мінаў гэтага мейсца, заўсёды пазіраў на шыльды. Рыгор, сьледаваў агульнаму прыкладу. Ён і цяпер паддаўся гэтаму. Але зірнуўшы на капяжы хат, Рыгор хоць і ў поцемку, скмеціў, што бывалашніх іх прыкрас няма, да і хаты нейкія зусім другія.