І далей Рыгор не пакідаў з цікавасьцю, паколькі магчыма было ўвечары, разьзіраць вакол сябе, патроху пазнаючы і ўспамінаючы некаторыя дэталі Сілцоўскіх выглядаў: вось, здаецца новенькі плот Сюцькі, а вось, бадай, Гляк гумно паставіў, а вунь і напэўна, і Шчыглава хата.
Яго меркаваньні падыходзілі да сапраўднасьці, бо Шчыглава хата, нейкім дзівам зацалеўшая ад вялізарнага пажару, як і калісь, рабіла сабою рог на Перасечным перавулку ля Падаўжной вуліцы. «Цяпер не заблуджу», — уверана падумаў Рыгор, завярнуўшы па Падаўжную, дзе ўжо ён кінуў разглядаць па бакох ды лавіць перамены, а пашоў сьмела і ўверана.
На вуліцы шпацыравала шмат моладзі, хлопцаў і дзяўчат.
Ён пачаў прыслухоўвацца да вясёлае рэзвае гутаркі, думаючы па ёй пазнаць каго-колечы ад знаёмых. Гэта адцягнула яго ўвагу, і Рыгор ня прыкмеціў як зраўняўся з Яўрэйскім перавулкам, які перасякаў толькі адну вуліцу і, быццам, баючыся кагось, зварочваў направа ды ўцякаў у другую.
Гэты перавулак быў новы, праложаны пасьля пажару і Рыгору паказвалася, што ён заменьваў сабою Мокрую вуліцу, якую па новаму пляну скасавалі.
Параўняўшыся з Яўрэйскім перавулкам Рыгор спыніўся: «Нічога ня будзе, трэба запытацца ў каго-небудзь», рашыў ён. Як на тое трэба, з боку сябе ён угледзеў прабягаўшага хлапчука, штось дудунючы сабе пад нос.
— Гэй, хлапец, пачакай адно! — пазваў яго Рыгор.
— А што, дзядзьку, трэба? — адазваўся хлапчук.
— Скажы, браток як гэта прайці на Лешу?
— А, ласьне, вы ня тутэйшы?
— Тутэйшы ня тутэйшы, табе ўсё роўна, толькі скажы.
— А скажэце, скуль вы будзеце? — не згаджаўся пілявы хлапчук.
Рыгор уступіў цікаваму хлапчуку і жартліва сказаў:
— Я Смалінскі.
— А чаго вы прыехалі? — пытаўся далей малы.
— Ня дурыся, шалаплут, та дам капейку на цукеркі.
Хлапчук узрадаваўся і падышоў блізка к Рыгору ды выцягнуў руку. Рыгор дастаў з кішэні капейку і падаў яе хлапчуку.
— Вось ідзеце гэтым перавулкам да канца, потым павернеце на права па вуліцы, затым войдзеце ў другі перавулак, а там ізноў на вуліцу; далей спусьціцеся з горкі і пойдзеце проста--