Для хаты, з вуліцы, была пастаўлена лаўка, над якой вісеў нізкі, шырокі капеж, як казырок. Вокны ў хаце яшчэ былі не адстроены, а прыкрыты новымі, прывешанымі вакеніцамі. Параўнаўшыся з хатаю, Рыгор запрапанаваў Зосі:
— Можа прысядзем?
— Такі і прысядзьма, хоць ужо і позна на дварэ.
— А табе заўтра трэба рана ўставаць?
— Ня ведаю, мо’ бацька і ўспора.
— Ну, дык ідзем дамоў?
— О, не, не, не!.. Што ты кажаш! Я рада, што цябе ўбачыла.
Яны прыселі ля тыльнага вугла, у месцы, куды з боку густая кляніна зганяла ўжо разыходзючыся змрок.
— Як-жа хаця ты маешся, Зося?
Яна ўсьміхнулася.
— Ды няма чаго скардзіцца: жыва, здарова; бачыш, якая тоўстая стала, хоць у саху. Вось ты там як гадаваўся?..
— Што аба мне пытаць; ня хочацца нават і ўспанінаць нічога. Калі паверыш мне, усе мае думкі сходзіліся на адным: угледзіць цябе як хутчэй.
Зося з умільнасьцю паглядзела на Рыгора і шчыльна прыціснулася да яго.
— А каб ты ведаў, Рыгор, як я цябе чакала! Проста ўрымсьціцца не магла… Дні гнала, гнала ночы — а сёньні, ідучы раніцою паўз хату — знарок думала забегчы да мацеры запытаць, ці ня прыехаў ты… А калі Пятрусь, забегшы па дарозе ад цябе к нам, паведаміў, што ты прыехаў, я душою ўжо была ў вашай хаце, з табою.
Рыгор палажыў на мяккай Зосінай шчацэ пякучы пацалунак.
Зося адказала на гэта крэпкім ціскам яго рукі. Але гутарыць не хацелася ніводнаму. Мэрам-бы ўсё было вядома і зразумела, хоць яшчэ нядаўна кожнае з іх зьбіраліся гаварыць да бясконца. А зараз, мэрам-бы хто адцяў языкі, і яны сядзелі, шчыльна прытуліўшыся адно да другога, чужыя хараству ночы і заварожаныя яе цішынёй.
А на вуліцы паходзіла на тое, нібы ўсё прыслухоўвалася да іх, чакаючы, калі яны загутараць.
Але яны маўчалі, не патураючы на тое, што там высока пад чароўным уборам неба ўжо займаюцца досьвіткі, бялее ўсход, на паплавох і ў полі паднімаецца лунь і адзінокі, астаўлены зо-