слухае яго. Не, тут толькі і можна дзейнічаць праз бацьку, інакш нічога ня выйдзе…
Вядома, вядома, што так; вінавата многа і Зося: не пашла-б — сілаю не пацягнуў-бы… Так, на бацькоў трэба ціснуць, — згадзіўся Янка.
— А гэтак такі зраблю. Заўтра-ж знарок убачу Міколу і аба ўсём пагутару. Няпраўда, бацька сваю волю пакажа ёй, — быццам нашоўшы поўную разгадку ўсім сваім сумненьням, весела і спакойна заключыў Васіль.
— Так, а чаго саромецца, — падахвоціў Янка.
З гэтаю гутаркаю яны прайшлі добры кусок вуліцы; было ціха вакола, ажно чулася як трапятала лісьцё на ясені… Раптам гэту ціш прарваў прарэзьлівы піск катоў.
— Цьфу, каб на вас дохлую, — вылаяўся Янка.
— Яна на ўзнарок!
— Хай яны падохнуць… Дык я чуў ужо, што ты ў сваты наладзіўся да Зосі? — перайшоў на другую тэму Янка.
— Ну, а як ты парадзіш?
— Гэта, зразумела, твая справа. Тут цяжка што-колечы парадзіць.
— Гэтага, бачыш, ня я хачу, а маці настае, ды дзядзька Хлёр. А па твоему, як здаецца: Мікола будзе гатоў?
— Не павінен адказаць… Па мойму ні за што не адкажа, — завяраў Васіль: — я гэта добра ведаю, бо яшчэ тыдзень таму назад я выпадкам забег да Зосі, а Мікола з Мартаю мяне за рукаў, ды ў хату, і як гасьцінна прынялі! Марта, дык ўюном так і ходзіць вакол мяне, ды, брат, зяцем празывае… І Мікола іначай ня скажа: «зяць, то-та, зяць то-та». Сёньні, таксама, выпівалі разам: я, дзядзька Хлёр і Мікола. Гутарылі аб сватох і Мікола — рукі растапырае.
Васіль гаварыў і сьмяяўся, махаў рукою і, відаць было, што яму перадаваць быўшыя з ім здарэньні, надта весела.
— Гэ, калі так, то лахва. Маладзец ты, — патрапаў Янка Васіля па плячы.
Чым больш Васіль гаварыў, тым вясёльшым рабіўся.
Што яму было да Рыгора? Рыгор для яго — сьмецьце, ня болей; нават ўжо яму не хацелася сёньні і спатыкацца з ім. Усе яго думкі і хаценьні білі ў адну точку, у пляны пра сваты. Яму раптам захацелася, каб скарэй перажыць сёняшнюю ноч, заўтрашнія дзень і ноч і дачакацца пазаўтрашняга дня. Васіль, здэцца,