каб мог, то пагнаў-бы час, як можна хутчэй, у пераскок, у абмін непатрэбных яму дзён.
Янка, як ішоў побач з ім, выдаваўся яму зусім ня тым, заўсёдашнім звычайным таварышом, Хвёдаравым сынам, з якім ён, Васіль, ужо болей дзесяці год таварышкуе, і, што важна, праз увесь час не сварачыся і ня гневаючыся, — а Янка стаў Янкам-братам, шчырым дарадчыкам, палавінаю яго самога.
У Васілёвым нутру абудзілася прагнае хаценьне кінуцца яму на шыю і доўга-доўга, запойна цалаваць яго. Ён нават міжвольна намерыўся падняць рукі, каб ахапіць Янку, абняцца, але раптоўна спыніўся, астыў і праказаў:
— Глядзі, Янка, у аўторак нікуды ня выходзь з хаты…
Яны параўняліся з Янкавай хатай, якая стаяла на ўзгорку за Цішкавай, абнесеная вузенькаю градою садку.
— Буду цябе чакаць, — суцешыў ён Васіля: — А, тым часам, я ўжо і дома, — кінуўшы ўзрок на сваю сялібу, дабавіў Янка.
— А ўжо позна? — запытаў Васіль.
— Я думаю, што позна, — адказаў Янка, — трэба ісьці спаць.
І ён працяпнуў Васілю руку.
— А я яшчэ… Дабранач! — папіскаючы са шчырасьцю Янкаву руку, разьвітаўся Васіль: — Я па цябе ў аўторак зайду, — адышоўшыся на некалькі крокаў гукнуў ён.
Янка ўжо гэтага ня чуў, бо стаяў на парозе і бразгаў клямкаю ў дзывярах.
III
НА ЗАЎТРА. Рыгор прачнуўся а дванаццатай гадзіне дня і калі расплюшчыў вочы, то ўгледзеў, што ў хаце нікога няма. Стол стаяў засланы белым абрусом з чырвонымі і сінімі каморкамі на краёх. У мыцяльніку, пад чысьцюсенькім, надвое зложаным трапкачом, ляжаў касьцёр блінцоў; на акне стаяў збаночак з малаком, прыкрыты ад пылу і ад мух беленькім, драўляным кружочкам. Праз дваровыя вокны праглядала ў хату цёплае бліскучае сонца, і пукі праменьняў яго расьсьцілаліся па зямлі, адзін пук ля печы, другі недалёка ад полу.
Рыгор падышоў к акну і паглядзеў на двор. На вулцы кіпела местачковае жыцьцё. Ён раптам вярнуўся думкамі ў Рыгу, выявіў перад сабою размах яе бурнага віраваньня і заключыў: «Якая непараўнальная розьніца паміж горадам і мя-