Рудольф аглянуўся навакол і цішэйшым голасам дадаў:
— Мне пішуць з Нямеччыны, што там апошнімі днямі адкрыта гутараць пра вайну. Нядаўнае спатканьне Вільгэльма з Францам-Язэпам цалкам было прысьвечана абгаворам пытаньняў вайны.
— Так, гэта сымптоматычна… — згадзіўся Рыгор.
Тым ня меней паведамленьне Рудольфа зрабіла і на яго, як і на іншых з кампаніі, моцнае ўражаньне.
Знак вайны выглянуў перад усімі ставокім чудзішчам з цемні надышоўшай ночы.
Нявыразнасьць наступнага зьлілася ў дыме ды агні ваенных жахаў. Дзесьці, ні то недалёка за Смагіным, ні то каля Пецярбургу вырасла сьцяна, у якую стукнуліся думкі хвіліну назад бесклапотнай моладзі.
Што будзе? Што чакае рэволюцыйны рух? Якім шляхам накіруецца жыцьцё краіны, іхняе жыцьцё?
І Рыгор, і Памыйка, і Сімен, і Ліба — кожны па сабе кінулі думкамі ў нетры гісторыі, якую яны праходзілі ў гуртку самаадукацыі і некалькі былі знаёмы з асабістага чытаньня. Навейшая эпоха гісторыі сьведчыла пра Парыскую Комуну і рэволюцыю дзевяцьсот пятага году. Гэтыя рэволюцыйныя выбухі яскрава выглядалі з далі мінуўшчыны, апярэджаныя ваеннымі жахамі.
Ліба дапомніла чуты ёю популярны сказ і з захапленьнем сказала:
— Вайна можа прынясьці рэволюцыю. Чым горай, тым лепей.
Падзяляючы яе настрой і веру, Сімен наводна ўсумніўся.
— Гэта твая тэорыя не заўсёды апраўдваецца жыцьцём.
Рыгор падтрымаў Лібу:
— Ліба праўду кажа. У некаторых выпадках…
— Вось-вось, толькі ў некаторых выпадках, — уставіў Памыйка.
— А голад у дзевяностых гадох — ласьне быў штуршком да рэволюцыйнага руху? — акрылілася Ліба.
— Я кажу пра вайну…
Ліба асталася непарушнай у правовасьці сказанага ёю. Праўда, яна не без жаданьня выслухаць думку Рудольфа зазірнула яму ў вочы, толькі той нічога не сказаў. Ён якраз разьвітваўся.