Старонка:Звон вясны (1926).pdf/10

Гэта старонка не была вычытаная

III

Ніклі дні — як у жвір на дне;
І жыцьцё, як званіла, звоніць,
Толькі там, на роднай старане
Зноў пажары курчавяць гоні.
Ад бяды гэтай белы іней
Восень сее ў пажоўклы дол…
— Не, ня веру, каб вольнай краіне
Росы сьлёз высяваць у прыпол!
Ой, ня веру!.. — разносяць ветры;
Так ня будзе!.. — гудуць лясы,
Разьвітаецца й пойдзе ў нетры
Заўтра вёскі апошні сын.
Хмурыць Дон, вада б‘ецца кольцамі,
Кожны мускул кіпіць серабром.
— Дык бывай, брат, іду дабравольцам:
Ў Беларусі грыміць, чую, гром!
На растаньні мы многа казалі
Пра мінулы і цяжкі час…
Ну, а ўвечар правёў да вакзалу
І разьвітаўся ў апошні раз.