Гэта старонка не была вычытаная
II
Не сярпок загубіла жнейка
У жытоў серабрыстую боязь, —
З тэй пары і радасьць нейкая
Ў маіх песьнях згубіла пояс.
Ой, ад сонца кіпяць палі,
Жнейкі песень стрымаць ня ўсілкі.
Толькі моўчкі стаяць тапалі,
А кругом — васількі, васількі.
Я люблю гэту сінюю россып
У палёх Беларускіх нізін, —
Мо‘ што песьнямі радасьці просяць
Яны пасьля доўгіх зім?
Мілыя, сэрцу блізкія,
Я завіў вас у песень касу…
Хай-жа серп васількамі бліскае
І зжынае пажоўклы сум.
Ужо ад сонца кіпяць палі,
Жнейкі песень стрымаць ня ўсілкі, —
Толькі моўчкі стаяць тапалі,
А кругом — васількі, васількі.
|}