РОДНЫЯ ГОНІ
Вось яны родныя гоні — Радасьць былая мая. Ўспомніў яе я сёньня, Сёньня яе я сваяк.
Годы мяне кружылі, Кідалі гэтак і так — Кроў не астыла-ж у жылах, Ўшчэнт не змарыла слата.
Зноў я вярнуўся к прасторам — К родным забытым шляхам. Мне маяком былі зоры, Прыстаняй — хаты страха.
Шчыра яна прыгарнула Блуднага сына — мяне. Ўсё, што было і мінула, Стала мне ноўю зьвінець.