ніўся. Але зусім нечакана вынік буйны інцыдэнт. Пасьля прыняцьця пропозыцыі паслаць прывітальныя тэлеграмы часоваму ўраду, Радзе рабочых і салдацкіх дэпутатаў у Пецярбургу, нацыянальным організацыям украінцаў, ліцьвіноў ды інш., слова было дадзена таварышу старшыні Мётлаў, які ў той час быў памоцнікам губэрскага камісара ад часовага ўраду і спачуваў правым эсэрам. Выпаўняючы дырэктывы ўраду і будучы верны тактыцы сваёй партыі, Метлін выступіў з прамоваю гэткага зьместу: „Кіньце свае лятуценьні, цяпер ня час падымаць нацыянальныя пытаньні, а трэба замацаваць атрыманую свабоду, злучыўшыся разам усім для скліканьня Устаноўчага Збору. Беларускі рух ненатуральны, бо пад ім няма цьвёрдага фундаманту народных нізоў"...
Гэта было іскраю ў бочку пораху. Словы Метліна зычэлі надта варожа для вушэй пераважнае большасьці зьезду; яны дапаміналі вядомыя „програмы і мэтады", якіх досі прыходзілася чуць з вуснаў заядлых русыфікатараў. У даным выпадку нельга было адрозьніць іх сэнсу ад сэнсу звычайнае доўгагадовае пісаніны вядомых ворагаў беларускага пытаньня, якія гуртаваліся да вайны вакола знарочыста экранізаваных таварыстваў для змаганьня з „польскаю інтрыгаю" (так лічылі беларускі рухі). Ня верылася пакуль, каб з вуснаю прадстаўніка соцыялістычнае партыі якая ганарылася шырокаю програмаю ў галіне нацыянальнай, можна было сустрэць гэткую „прыязьнь". Гэта было ўсяго месяц пасьля вялікіх здарэньняў Лютага і вельмі сьвежа нясло ад надышоўшых свабод. А тут— на табе! Крыху пасьля вышла напаверх цалком і поўнасьцю меншавіцка-эсэраўская політыка. Змаганьне з Украінскаю Радаю, з Фінляндыяй, якое павёў часовы ўрад, паказала твары гэтых соцыялістых, з дазволу сказаць. А ў сакавіку, каб чуць гэткія словы—ніхто не чакаў. І прадмову Метліна сталі перабіваць выгукамі. Калі-ж ён сяк-так скончыў казаць, быў агульны настрой выказаць рэзкі протэст супроціў дбайнага ахоўцы „адзінае Расіі" ў новым выданьні. Ледзьве ўдавалася старшыне зьезду сутрымаць воражасьць і ўвясьці ў рэчышча далейшую хаду спрэчак. Па парадку пачалі адказваць Метліну: перш Заяц, які казаў, што „гэткая вялікая краіна ня можа ўтрымацца, каб ня даць аўтономіі тым народам, якія ў ёй жывуць". Краскоўскі, дэлегат ад кіеўскіх беларусаў, зваў зьезд ня слухаць людзей, што яшчэ прывыклі баяцца „страшных" слоў, як нацыя, фэдэрацыя. Настала часіна, калі нам баяцца гэтага ня трэба, бо народы, вольныя ў сваім разьвіцьці, ідуць да вялікай будучыны, да агульна-людзкіх ідэалаў і злучэньня. Грамадзянін Цівінскі, разьясьняючы, чаму на такім фундаманце стаіць Метлін, даводзіў, што грамадзяніну Метліну ня прышлося цярпець усяго таго зьдзеку і няпраўды, што цярпелі народы ў царскай Расіі. Цяпер кожны народ можна разьвівацца пасвойму і гэта не перашкаджае нашай шчырай дружбе з другімі народамі, але для вольнага разьвіцьця краю патрэбна родная мова, родная школа, аўтаномія. Адвакат Чаусаў даказаў, што „беларусы ўжо выраслі і дастойны