рэальных сіл, што меліся ў той час у зьезду і, наогул, у беларускай грамадзкасьці! Узяць да прыкладу комісію друку; гэтая комісія прыняла пастанову аб выданьні газэты, аб выданьні брошур агітацыйнага характару, чамусьці яшчэ—бібліографічнага слоўніку. Тымчасам, нідзе не прадбачылася дастаць ніякіх грошай. Благія парываньні! Улічыў іх дакладчык грашовае комісіі, т. Э. Будзька, які пры дакладзе ўнёс у грашовы фонд 2.000 руб. Не сваіх, пэўна, а вылучаных з бежанскага комітэту.
Усе пастановы, прынятыя зьездам, патрабавалі вельмі многа працы і сіл, каб іх правясьці ў жыцьцё. Большасьць гэтых пастаноў датыркала організацыйна-практычных пытаньняў, далёка стаяўшых ад рэальных мажлівасьцяй свайго ажыцьцяўленьня. Многа з іх было наіўных, як гэткі, напрыклад, пункт у рэзолюцыі грашовай комісіі: „Стварыць аддзел для організацыі беларускага нацыянальнага банку". А дзеля таго, каб зьберагчы грошы „комітэт павінен залажыць друкарню, а таксама тэатр"[1].
Земская комісія насьпех злажыла рэзолюцыю аб „рэорганізацыі земскага самаўпраўленьня". Дакладчык згадзіўся, што ўсё гэта зроблена „на скорую руку". І сапраўды, было зроблена так. Ды каб добра было ўсё вылажана і абмяркована, час не казаў аб тэрміновасьці гэтага пытаньня... Выключна больш-менш рэальна можна было правясьці (і пасьля правялася) у жыцьцё рэзолюцыю аб стварэньні Нацыянальнага Комітэту. Але і тут пажаданьні далёка разыходзіліся з рачаіснасьцю. Ускладзеныя на комітэт абавязкі „організаваць Беларусь у контакце з часовым урадам" і „падгатаваць выбары ў Беларускую Краёвую Раду"—не маглі быць выкананы. Але аб гэтым ня думалі, выбіраючы Комітэт з 18 асоб. У склад Комітэту ўвашло больш паловы сяброў Беларускае Сацыялістычнае Грамады. Вялікая большасьць комітэтчыкаў жыла па-за Менскам і не магла прымаць удзелу ў працы Комітэту. Загэтым быў выбраны прэзыдыум з 5 асоб, які, застаючыся ў Менску, мусіў павясьці комітэцкую працу.
Як і што ішла яго праца—гэта патрабуе сталага разгляду і асобнага нарысу. А тут, даючы нарыс першага беларускага зьезду, мы мусім адмеціць, што сам па сабе Нацыянальны Беларускі Комітэт, як скутак гэтага зьезду, займае значнае месца ў гісторыі беларускага нацыянальна-рэволюцыйнага руху. Ён адыграў значную ролю і зрабіў-бы шмат большую работу, каб на чале яго ня стаў Скірмунт. Гэтая фігура, далёка не адпавядаючая сутнасьці беларускага руху, які выключна грунтаваўся на беларускіх працоўных масах, унясла сабою сумную старонку ў гісторыю яго разьвіцьця.
- ↑ Протокол зьезду беларускіх нацыянальных організацый у Менску з 25 па 27 крас. 1917 г.