Навокал ціха было. І прытульна ад асеньняга вечару. Пахлі асеньнія грушы. Сумавалі платы. Весяліўся ў ружовасьці захад.
Мацьвеіха ўсё бліжэй прыгортвала да сябе дзяўчатак. Востра глядзела на іх. Сказала:
— Галава кружыцца.
— Чаго? — запытаўся Юрка.
— Гарэлкі выпіла ў дзядзькі.
І, гладзячы меншую дзяўчынку па галаве, засьпявала:
|
Голас яе быў сумным, няпрывычным для дзяцей.
— Мама, не сьпявайце, — заплакала большая.
Маці сьціхла. І глядзела на процілеглую сьцяну, за грушамі. Вочы яе блішчэлі ад сьлёз.
— От, дзеткі, — сказала яна ціха, — у жываце ў мяне баліць, у грудзях... І так усё нядобра мне...
— Бо нашто вы ў дзядзькі гарэлку пілі, — сказала большая дзяўчынка, — няхай-бы сам піў, калі гэтакі разумны.
— Хто?
— Дзядзька... Канешне прымушае піць...
Юрка-ж зразумеў усё. Паглядзеў у мацерын твар, выцягнуў шыю і, усхваціўшыся, пашоў у хату. Паглядзеў з цёмнае хаты праз вакно на вуліцу і зноў вышаў на двор. Ня ведаючы, дзе дзецца, ён патупаў каля мацеры і выбег на вуліцу. І там ня ведаў, што рабіць яму. Стаяў каля варот і чуў, як нешта цьвёрдае і цяжкае сьціснулася ў яго ніжэй грудзей і не давала дыхаць.