Старонка:Зямля (1928).pdf/105

Гэта старонка не была вычытаная

— Як-жа ты яе выправіш; яна сама ня ведае ці што? Што гэта, дзіцянё малое, што трэба вы праўляць?

— Яно можа і так.

Мацьвей пашоў, а Мікалай увайшоў у хату:

— Ідзі ты заўтра, Наталя ў анбулятору.

— Пайду.

— Пайдзі, ратуйся ты.

— Трэба якога рубля грошай.

— На чорта той рубель, ня трэба. Так павінны лячыць.

— Ня вельмі ён так налечыць. Дасьць якіх парашкоў адчэпнага... можа хіба яму каўбас з пару занясьці...

— Дай лепш няхай дзеці зьядуць.

— Пайду, заўтра пайду.

Яна прыставіла з коміна на прымурку газоўку і стала наліваць дзецям вячэраць. Мікалай зноў вышаў на вуліцу. Стаяў і глядзеў у асеньні змрок.

XІV

Жыта скончылі сеяць да паўдня. Вецер абвяваў сонечную ральлю, мякка выбаранаваную. І абвяваў Юркаў твар, прывыклы да ўсялякіх ветраў і дажджоў. Юрка патузваў лейцы, гукаў на ўсьлед за ім, вельмі паволі, хадзіў за бараною. І думаў, ці пашла маці да доктара, ці не. Пасьнедаўшы, як выбіраўся ён з бацькам ехаць на поле, яна выбіралася ісьці.

Вароны падляталі ўсьлед за бараною, крычалі-ж яны і над блізкімі абветранымі кустамі.

Пасьля баранаваньня конь пойдзе на пашу. Дома, паабедаўшы, абіраць грушы прыдзецца. Весела было-б, калі-б ня гэтая справа з маткаю.