Адчуваючы слабасьць, яна драмала і ўсё думала. Вострая ўзбуджанасьць думак не давала ёй забыцца на ўсё ў моцным сьне. Юрка стаяў у ваччу яе, з чорнымі і нямытымі нагамі, сінявокі, шырокатвары, малы.
— Хоць-бы прыждаць, калі ён, як мае быць, узьнімецца на ногі, — сказала яна моцна і сама спалохалася свайго аслабелага раптам голасу.
Пасьля ўсё-ж ёй удалося заснуць. Спала яна больш гадзіны і ўстала пад самы вечар. Юрка распрагаў на дварэ каня, Мацьвей там-жа стукаў нечым і гаварыў з Юркам.
— Былі ў доктара? — запытаў Юрка, калі яна вышла на двор.
— Была.
— А што ён сказаў?
— Нічога. Казаў, што ўсё зараз пройдзе.
— Скажэце праўду.
— Дык праўда-ж.
Юрка весялей глянуў на яе і павёў паіць каня. Мацьвей падышоў да яе:
— Ну як?
— Казаў нічога цяжкога не паднімаць, цяжка не рабіць.
Мацьвей дзіка глянуў вакол.
— Нічога, тады папраўлюся.
Мацьвей нічога не сказаў і пацягнуў саматугам пустыя драбіны ў агарод пад грушы. Яна глянула на вуліцу і бачыла, як Юрка весела сьмяяўся з хлопцамі пад калодзезям. Такім-жа вясёлым ён прывёў каня дадому і такім быў усе наступныя дні. Пагодлівыя і ветраныя-ж былі яны гэтыя дні.
Два тыдні стаяла гэтакае надвор'е. Увесь гэты час выбіралі бульбу. Мацьвеіха чула сябе лепш і была