аглядзеўся вакол, уссунуў на галаву шапку, вышаў на двор і замкнуў сенцы. Да Сабастыяна ісьці было недалёка. Ён пастукаў у вакно. З хаты пачуўся голас:
— Хто?
— Сабастыянка, братка, выйдзі сюды.
— Мацьвей?
— Але.
Сабастыян вышаў у сенцы.
— Памерла.
— Наталя?
— Але, кагадзе што.
Сабастыян выткнуўся на двор, паглядзеў на неба, на вуліцу, на новыя весьніцы і сказаў:
— Ты от што... Ідзі ты дадому і распараджайся там. Папрасі мыць, а выкапаць дол і зрабіць труну я паклапачуся. Як разьвіднее, я падыду. Неўзабаве сьвітаць пачне. Я зараз бабу прышлю сваю.
— Ну, але, зараз дзень нахопіцца.
Дома Мацьвей пабудзіў кватаранта свайго Мікалая. Юрка пачуў гэты нязвычайны клопат:
— Што?
— Нічога, ты сьпі сабе.
І Юрка заснуў. Мікалай пачухаў галаву і стаў усьцягваць на ногі боты.
— Усё ў іх у сярэдзіне паадрывалася, — сказаў ён.
— Дзе гэта? — запытаў Мацьвей.
— У ботах, няхай на іх паляруш, на нагу не ўсьцягнуць. Трэба хутчэй новыя спраўляць.
І яны ўдвух пачалі клапаціцца. У хаце ўжо Сабастыяніха грэла на комінку ваду. Мацьвей пазваў дзьвёх суседак, і Наталю пачалі мыць.
— Худая якая, — сказала Барановічыха, мочачы Наталі плечы.