І пакуль памылі, перагаварылі ўсё.
На дварэ хутка разьвіднялася. Юрка ўстаў і, не ўваходзячы ў хату, павёў пад калодзезь напаіць каня. Вярнуўшыся назад у двор, убачыў, як Мікалай разглядаў у агародзе дзьве рыдлёўкі. Мацьвей неўзабаве прынёс аднекуль трэцюю.
— Гэта лепшая,—сказаў ён,—я ў Юліка ўзяў. А гэта Сабастыянава—дрэнь. Капаць табе паможа Тамаш, я папрасіў...
— Няхай-бы ты Алеся папрасіў—гэты маладзейшы.
— Я думаю папрасіць Алеся, каб памог труну рабіць. Робіць яе Сабастыян з сваіх-жа дошчак, дзякуй яму, і толькі трэба яму на помач каго пазваць.
— Ну, вядома, хто-ж паможа, як ня брат.
Узышло асеньняе сонца, агарод і двор быў ясным і здаваўся прасторным.
У Юркі раптам нешта сьціснула за горла, дыхаць стала цяжка. Страшная загадка шавяльнулася ў ім. Ён, як стаяў, павярнуўся і роўна пашоў у хату. Спачатку, з торапу, нічога і не заўважыў. Толькі дзіўна было—чаму гэта цётка Сабастыяніха паліць у печы. Яна скварыла сала на вялікай скаварадзе. На палку, каля печы, сядзелі дзьве сястрычкі, прыціснуўшыся адна да аднае і, нічога не разумеючы, маўкліва глядзелі на цётку. Цётка-ж, расчырванелая каля агню, гаварыла ім:
— От зараз, дзеткі, я дам вам пасьнедаць картоплі з скваркамі. Вы любіце гэтую яду?
— Любім.
— А тады вы пойдзеце на агарод гуляць. Сёньня сьвеціць сонейка, цёпла будзе. Там жоўценькі пясочак у вас у агародзе насыпаны, будзеце сабе гуляць там, на сонейку, у зацішку.