— Папытайся, што Мацьвей на гэта скажа.
— Мацьвею гэта можа выгадна. Што ён згубіць?! У яго ўсё роўна ня родзіць. І радзіць ніколі ня будзе, бо ён такі гаспадар.
— Які-ж ён гаспадар?
— Нядбайны.
— Нядбайны? Памагчы яму трэба, тады ўсё яго нядбайства ліха ведае куды дзенецца. Пасадзі цябе на яго месца, — пабачым, як ты тады паскачаш. Папрабуй.
— Я да гэтага не дапушчуся, каб ты і хацеў.
— Каб я хацеў? Я хачу?
— А хто цябе ведае, што ты, тымчасове, думаеш.
— Я думаю тое, чаго табе ніколі ня думаць.
— Які ты ўжо думальнік вялікі!
Тамаш адвярнуўся і пачаў глядзець цераз паркан на вуліцу.
— Ты думаеш! А хто дык ня думае. Ты адзін за ўсіх думаеш. Дзякуй табе.
— Спажывай на здароўе.
— Ты ўсё аб нечым дбаеш. А ў самога боты на нагах — адны чарапкі. Як ты іх на ногі ўсьцягаеш. А ўсё думаеш, а ўсё дбаеш, я-ж кажу, тымчасове, аб нечым... Яшчэ ён вучыць будзе некага, як жыць! І без цябе пражывом. Спраў боты хаця сабе... Тымчасове, гэта ўсе людзі скажуць... Ты ўсё спадзяешся нейкага дабра, усё дбаеш, гаворыш... Чалавек!
Тамаш раптам адарваўся ад паркану:
— Дабра?! Дбаю?! Кажаш боты пашыць!?. Я можа іх і не пашыю, можа і Мацьвей не пашые, а хлапчук яго, што унь босы за няжывою маткаю ў царкву прышоў — той пашые. І такія боты, пра якія ніхто з нас ніколі і ня сьніў. Чуеш?.. Пашые!