Шкада, што не дажыву, хоць паглядзець на яго тыя новыя боты... Не дажыву...
— Ну, пэўна, калі заробіць на боты, дык і пашые. Падрасьце, заробіць, — чаму!
— Не дажыву да тых яго ботаў. Стары я чалавек... Не дажыву... Ай, не дажыву! А пасьля мяне, пасьля нас — у добрых ботах будуць людзі хадзіць... Жыць будуць!..
І Тамаш пашоў паволі па цьвінтары да брамы, пасьля ўбачыў Юрку, які пашоў з-пад брамы ў прытвор, і сам застаўся стаяць каля ганку. Юрка як-бы паспакайнеў і стаў халодным і маўклівым.
Труну хутка паставілі на воз. Барановічаў кум зноў трохі пазваніў, Сабастыян з Мацьвеем і Юркам селі на драбінах на аглабіны, Сабастыянаў конь пашоў размашнымі крокамі.
Заходзіла сонца, як яны апускалі труну ў зямлю. Крываносы Мікалай чакаў каля выкапанай ямы.
— Выгаладаў? — запытаў Сабастыян.
— Але, — адказаў Мікалай, — нічога... Таго, другога, я даўно адправіў.
— На пахаваньні быў.
Рэшту часу яны маўчалі. Моўчкі апусьлілі труну ў зямлю. Першая рыдлёўка пяску стукнулася аб новае века цяжка і гулка.
Заходзіла сонца, маўчалі могілкі, сінела і туманілася асеньняя трава. Зелянілася трава пад асеньнім сонцам. Позьняе зельле цьвіло ў позьнюю восень.
Юрка бачыў, як засыпалі труну.
Крываносы дзядзька Мікалай утомлена кідае зямлю; засопся і з натугай паглядае пад ногі свае. Таксама павольна бе рыдлёўкаю ў зямлю дзядзька Сабастыян. Бацька нешта заклапаціўся каля каня, каля пустое фурманкі. От яны ўсё зьліваюцца ў