Усё ў тым-жа самым школьным будынку зьбіралася некалькі чалавек. Алесь на ячэйку пазваў Тамаша і настаўніка. Тамаш запазьніўся. Настаўнік-васпаваты і востраносы чалавек, худы і высокі, нэрвова паварушваў праваю палавінаю твару і, цярэбячы на галаве „вожык“, гаварыў Алесю:
— У горад хачу паехаць на які тыдзень, праветрыцца трэба, ды не прыбяруся ніяк. Гаспадарка заядае... Заядае... Гарбузы палажыў на страху, кожны дзень зьнімаць іх наноч часу няма і ахвоты, больш тае работы будзе, як тых гарбузоў. А так, дык падпільноўваць трэба, а то пазвалакаюць уночы са страхі, і прапала ўся мая, так сказаць, гарбузовая політыка.
— Політыка?
— Політыка. Я мяркую — высьпяліць гэтыя гарбузы-р-раз...
Пры слове „раз“ настаўнік пальцам правай рукі прыгнуў самы меншы палец на левай руцэ.
— ... Пасьля гарбузоў у мяне другое: пудоў шэсьць з агароду аўса будзе, гэта два. З дзьвёх яблынь будзе трохі яблык, гэта тр-ры. З гэтага месяца пачынаю адкладаць па чатыры рублі з пэнсіі — гэта чацьвертая даходная стацьця. Цяпер, каб як вынайсьці пятую якую, так сказаць, даходную стацьцю. Каб як, хоць на рублёў дванаццаць ад-