і парадкаваў кніжкі. Пасьля сходу Тамаш чуў у сабе нездавальненьне нейкае.
Ужо разышліся ўсе, толькі Алесь ды Волька засталіся, як ён сказаў Алесю:
— Стары, браце, я зусім.
— Бачу, што не малады.
— Дык я да таго гэта гавару, што цяжка мне жыць на сьвеце цяпер. Як быў я малодшым, дык — недастачы якія — гэта для мяне ноль, можна сказаць. Еў я, ці ня еў, але вясёлы і моцны. А гэта сёньня ад трох чарак гарэлкі з ног зваліўся... Можа-б мне ў гэты камітэт ня ўлазіць. Усім не ўнаровіш, на старасьці год ворагаў сабе нажываю...
— Наравіць усім і ня трэба...
— Нажываю сабе ворагаў. Каля царквы, як Мацьвеіху хавалі, дык мяне аж лаяць пачыналі...
— Няўжо ты, дзядзька Тамаш, здрэйфіў?
— Не, браток, ня здрэйфіў, але...
— То ты-б, дзядзька, і гаварыў проста, што табе не пад сілу займацца гэтымі справамі, што адпачываць табе трэба...
— Ні то што адпачываць, і ні то што я ня здолею, чаго там, але, ліха яго ведае, думаў, што на старасьць прычакаю чаго лепшага.
— А хто з тваіх таварышоў...
— Ведаю, што хочаш сказаць. Усе гэтак... Нішчымніцаю ўвесь век душыліся і—той памёр, а той...
— Ты, дзядзька, усялякую веру згубіў і ў сябе і ў людзей.
— Ня згубіў я...
— Памятаеш, як мы ўсё мястэчка ўзварушылі на перамер зямлі. Колькі ворагаў мы нажылі?.. А гэта да канца падыходзіць перамер гэты ўзабаве нам-жа дзякаваць будуць.