— Скончылі ўжо, колькі там засталося. Ён-жа і выяжджае гэтымі днямі, каморнік гэты. У нядзелю паедзе... Ты от глядзі, каб ён твае дзяўчыны не павёз з сабою, ты глядзі. Што ты за хлопец, яй-богу... Я пайду.
Тамаш вышаў і каля самага ганку, на вуліцы, спаткаў Барановічавага кума. Той гнуўся, нясучы на сьпіне напакованы нечым мяшок. Моцна ступаў зьвязістымі нагамі.
— Што ты гэта валачэш?
— Капусту ад бацюшкі.
— Гэта табе бацюшка капусту дае?
— Гэта я яму памагаў высякаць.
— А-а-а, гэта ты яму памагаў высякаць, значыць.
— Але, памагаў... А ты што тут рабіў у школе?
— А гэта быў сход, каб алейню зрабіць сваю.
— Ну і што?
Тамаш хітра прыжмурыў вока і зьнячэўку спалохаў Барановічавага кума:
— Па рублю з хаты, і будзе алейня.
— Гэта ўжо напэўна?
— Як два ды два — чатыры.
— Гэта каму алейня гэтая патрэбна, табе?
— І мне таксама патрэбна, думаеш адно табе?!
— Начорта яна нам, тая алейня. Калі ў каго які з гарнец канапель ці семя ёсьць, дык ён выцісьне якую бутэльку алею і ў Тадулічах. Завязе і выцісьне. Колькі нашаму народу таго алею патрэбна.
— Нічога, будзем пабольш алею гнаць.
— Як ты ўжо, ліха табе, алею захацеў? Мала табе, не наеўся. Яшчэ па рублю з хаты! Дакуль ты будзеш круціць сьветам? Чалавек. Пражыў ты век, і нашто табе на старасьць тая алейня. Колькі табе таго алею трэба!