вакно было асьветлена. Асьветлена было перад ім на дварэ непадмеценае сьмецьце — дробна скрышаны сухі лом, сухое вецьце і кара. У кухні, напроці вакна, Ганна нешта разглядала на стале, прыгнуўшыся над ім. Яна была адна і ўздрыганулася зьнячэўкі, калі Алесь стукнуў дзьвярыма. Азірнулася на яго і ўстала насустрач.
— Я думала мама... Яна да вас пашла.
— Пашла ўжо ад нас... Ты адна?
— Як бачыш.
— Рада, што я прышоў?
Яна паглядзела ў вочы яму і каб ня думаў ён пра каморніка, быў-бы ўпэўнены, што рада яна яму.
Цікаў павольна за сьцяною гадзіньнік, каля печы ляжалі вяслы цыбулі. Ціха было.
— Я цэлы дзень дзень цыбулю сёньня зьвязвала, — сказала Ганна, і голас яе зьлёгку дрыжэў.
— А я зранку зямлю мераў.
— А днём?
— На сходзе быў... А вечарам да цябе прышоў.
— Бачу, што прышоў.
— Рада?
— Нашто ты пытаеш.
— Бо ты стала зусім іншаю, як раней была... Ты-ж сама павінна ведаць. Ну прызнайся... Гэта-ж так?
Моцна цікаў гадзіньнік за сьцяною.
— Хіба-ж я ня праўду кажу?
— Якую праўду?
— Нашто ты перапытваеш? Ты-ж добра ведаеш, пра што я гавару. Ты-ж ведаеш... Ведаеш.
— Алесь...
— Што, Ганна?!
— Ты... пачакай.
— Што?.. нашто?.