Алесь стаяў зусім апрануўшыся. Глядзеў з хаты ў сенцы. Клемусь варушыў у тахт каленьмі, старац лапцем.
— Пакіньце, вар'яты, — угаворвала маці, завіхаючыся каля печы.
— Сапраўды, хлопцы, даволі, — сказаў Тамаш.
Старац палажыў скрыпку, устаў, паправіў на сабе порткі і нацадзіў з кагадзе прынесенае, амаль пустое бутэлькі яшчэ з чвэртку чаркі, сказаў вінавата, аглядаючыся на ўсіх:
— От яшчэ, з вашага дазволу, цмакану гэтую рэшту за ваша здароўе ды пайду сабе... Будзьце здаровенькі.
— На здароўе.
Выпіў, смачна крактануў, абцёр губы, і жуючы на хаду скварку, стаў начэпліваць на сябе накрыж торбы. Падперазаўся па сьвітцы вузкаю рыжаю папружкаю і падаўся з сяней.
— Бывайце здаровы, дзякуй, людцы добрыя, каб вы заўсёды мелі, у волю спажывалі і бедных надаралі. Каб вашым дзядом у зямлі лёгкае паляжаньне, а дзецям і ўнукам на гэтым сьвеце панаваньне. Жывеце здаровы, будзьце вясёлы. Заставайцеся здаровенькія.
— Хадзі здароў.
І ён пашоў з двара, шкрэбаючы па зямлі сухою сваёю нагою.
— Ну, то хадзем, — сказаў Тамаш.
— Хадзем, — адказаў Алесь.
Людзі пачалі разыходзіцца. Ідучы поплеч з Алесем, Тамаш гаварыў:
— От усё і скончылася. Усёй нашай і камісіі канец. Да халадоў управіліся, перамералі, перарэзалі. Няхай цяпер, хто нездаволены, прывыкае. Прывыкне, палаецца, падзякуе... Страшна было, як