я гэтак адарваў цябе ад работы, дык можаш сабе ісьці дадому, я табе слова і не скажу. Вер майму сумленьню. Ня ў тым дзела, што я гэта тут зьбіраў, ці ні я. Раз патрэбна, дык патрэбна. Няма чаго абцірацца пазавугольлю. Я гэта кажу, казаў я, казаць буду, калі ты хочаш ведаць. От што. І скончана дзела.
Павал напоўніўся раптам крыўдаю. Паварушыў шырокімі і кантовымі, падагнуўшымі наперад ад старасьці плячыма, узьняў накіраваны ўніз барадаты твар і падышоў да самага Тамаша з такім выглядам, як-бы Тамаш быў вінаваты ва ўсіх бядотах, якія калі хто-небудзь перажываў.
— Я табе павінен расказаць, раз цябе выбралі. Мы табе, Тамаш, даверылі калі выбралі, значыць, цябе. Дык я табе і скажу, як я цярпеў і цярплю...
— Ты мне не гавары, што ты мне гаворыш! Я тут ня прычым. Маё дзела—старана.
— Як старана тваё дзела? Тамаш, кепікі з мяне строіш! Раз ты сельсаветчык, то ты можаш распараджэньне даваць...
— Якое распараджэньне? Што ты гэта! Што я начальнік які ці што! Я просты чалавек. Мала што мяне выбралі.
— Ты маўчы. Раз ты стаіш бліжэй да справы, дык ты павінен ведаць. Што ты ня бачыш, як хто жыве?.. Як я гарую?!
Хлопец з маладымі вусамі папробаваў уняць Паўла:
— Ціха, дзядзька. Пачакайце, трэба сход пачынаць.
— Сход пачынаць! А калі я хачу сваю крыўду выказаць!
— Дык вы пасьля выкажаце.