я за горшы? Няхай-бы вы, тымчасове, далі каму іншаму, дык не. Канешне мне!
— Ну, то давай памяняемся.
— Нашто нам мяняцца. Няхай будзе пры свойцы
— Дык як-жа?
— А так што нядобра вы, браткі, робіце.
Алесь раптам усхваціўся з зямлі:
— Падавай, дзядзька, на нас у суд ці куды іначай, што мы сабе лепшую зямлю пабралі, а табе яшчэ каму самую горшую пакінулі. Падавай на нас, як на злачынцаў.
— Што ты, браце, пабойся ты бога. За што мне на цябе ў суд падаваць... На цябе ў суд? Няхай мяне бог крые.
— Ну, дык няма тут чаго лішне і разводзіць гаворку на паўдня, размазваць гэтыя свае крыўды.
— А што-ж, маўчаць?
Каморнік зноў зарагатаў. Сеў на мяжу і пабліскваў вясёлымі вачыма ад рогату. Алесь заспакоіўся і пацьвяліўся з Барановічавым кумам:
— Мы неўзабаве возьмем ды зноў перамер будзем рабіць, толькі іншы ўжо. Ніякіх нікому кліноў, усё будзе ўсіх.
— Гэта комуну, значыць, зрабіць?
— Комуну.
— З нашым народам гэтага ня зробіш, бо ў нас народ вельмі сквапны на чужое. Усякі ўсё будзе цягнуць сабе, як найбольш.
— Адкуль-жа гэта вядома?
— Як адкуль, ня відаць які ў нас народ, ці што?
Тамаш усьміхнуўся:
— Яно відаць, чаму не!
Каморнік устаў ісьці. Алесь заўважыў цьвёрды рух яго постаці, яго дасьціпнасьць у адзежы і думаў пра ўчарашняе спатканьне з Ганнаю.