Каморнік з непаразуменьнем паглядзеў на Алеся. І раптам здагадаўся. Ён хацеў як-небудзь застацца пазадзе, каб ісьці аднаму. Твар яго стаў такім, як-бы ён ня зьбіраўся больш сказаць ніводнага слова. Алесь толькі цяпер пачаў заўважаць яго простую постаць, моцную, сухую шыю, вастраваты твар. Ішоў ён спакойна, ступаў цяжка, хоць ногі меў тонкія і зграбныя. Зялёны гарнітур яго — галіфэ і фрэнч, — прызначаны, мусіць, для працы на полі, у некаторых мясцох пачаў выцірацца. Прыгожа вісеў цераз плячо скураны футарал з дробнымі каморніцкімі рэчамі.
Яны ішлі поплеч і маўчалі.
"Мусіць голіць шыю", падумаў Алесь, гледзячы на стаўбунаватую каморніцкую шыю. Шыя ззаду была чырвонаватая ад загары і палявых вятроў.
Усю дарогу не сказалі ніводнага слова. Вуліца была пустою і шэраю. І раптам нудна стала ім — і аднаму, і другому. Як-бы зусім ня было кожнаму з іх за што рук зацяць. Як-бы ўсё было пустым і непатрэбным.
— Я пастараюся як найхутчэй, каб з табою разьлічыцца, — востра сказаў Алесь.
— Вельмі будзе добра, — так-жа сама адказаў каморнік.
І засталіся так стаяць некалькі хвілін напроці Барановічавае хаты. Абодва думалі пра адно. Цёмныя Ганьніны валасы над вузкім каўнерыкам рудое сукенкі яе на белай шыі — былі ў вачох кожнага. Яна адчувалася імі абодвымі прывабная, вясёлая, сумная. Далёкая і блізкая. Усё было ў ёй і яна была ва ўсім.
Алесь. Ён ведаў яе з маленства, пасьля-ж раз нейк нечакана адрозьніў яе ад усіх іншых дзяўчат, і тады пачаў гарэць ёю, радавацца і сумаваць