Каморнік нездаволена заўважыў:
— Яны стаяць там...
— Нічога, пастаяць ды падыдуць.
І яшчэ, паглядзеўшы ў твар каморніку:
— Век стаяць ня будуць.
Каморнік зразумеў і ўскіпеў. Працягнуў Алесю руку і сказаў:
— Часу мне няма чакаць іх. Бывай.
Алесь паціснуў яму руку і пашоў назад, у канец, да мужчын. Каморнік увашоў у вузкі Барановічаў двор. Адчуваў сябе лёгка, як чалавек, які скончыў цяжкую справу, і цяпер перад ім толькі добрыя вынікі. У адчыненых сенцах Ганна падсявала муку, запыленая ёю, рухавая, з голымі рукамі. Ён стаў на парозе, усьміхаючыся ёй.
— Толькі ня ўздумайце памагаць, — сказала яна жартаўліва.
— А от памагу.
— Ідзеце ў хату, а то я вас запылю ўсяго.
— Я не баюся.
— А от і пабаіцеся, як усяго абсыплю мукою.
— Абсыпце.
— Ах, які паслушны.
— Гэта як калі.
Памаўчалі.
— Сапраўды, ідзеце, а то...
— А то замінаю?
— Не...
— Не, не!..
Ён падышоў да яе і палажыў руку ёй на плячо, так, як рабіў часта, толькі цяпер больш рашуча. Гэтую цьвёрдасьць і сілу яго рукі яна адчула адразу... От ён палажыў абедзьве свае рукі ёй на плечы. Яна неяк разам апусьціла сіта на