— Пасьля... Дык гэта значыць працоўнаму чалавеку не даецца слова выказаць... затыкаеце рот!?
— Ніхто нікому роту не затыкае.
— Я ўсё-ткі цябе, Алесь, люблю. Твой бацька быў рамесьнік, вечны яму пакой на тым сьвеце. Я гэта табе заўсёды скажу,—ты хлопец, Алесь, з толкам у галаве. Ты от паглядзі на Яўхіма Петранчуковага. Што, на яго як належыць наклалі падатак ці не? Скажы, ты-ж таксама ў сельсавеце. Ты маладзейшы за Тамаша. Калі ты пра падатак не даеш веры, дык от табе Сабастыян можа пацьвердзіць. Ты думаеш, тут сваяўство ў мяне з ім, дык ён будзе гаварыць, ня ведаючы? Не такі ён чалавек. Гэта нічога, што нашы дзеці пабраліся. Тут гэта ня прычым. От што... Сабастыян, хадзі сюды!
З натоўпу мужчын вылез буйны чалавек, з вясёла-панурым, поўным тварам і вялікімі вусамі.
Алесь пастараўся не заўважыць яго і пачаў сход. Сабастыян выплішчыўся на самы перад, не даючы Алесю гаварыць:
— Алесь, я табе раз назаўсёды скажу, ня будзь ты такім. Раз чалавек хоча выказаць, то ты чаму яму слова не даеш?..
Раптам ён зьвярнуўся да тонканосае дзяўчыны:
— Вы ў нас у сельсавеце ўжо другі год; паставілі вас, значыць. Дык вы павінны ўзяць мадамтаварыш, на ўвагу, што тут слова не даюць. Выказацца народу ня хочуць даць.
Тут заўважылі, што Сабастыян п'янейшы за Паўла.
— Я, мадам-таварыш, кажу проста, бо я і сам, можна сказаць, чалавек просты і шчыры. Гэта правільна робіцца, ці не?