адсядзеў за прадналог? Або той гусак, якога ў мяне Аляксандар забіў і за якога я з яго капейкі не магу спагнаць? Ня гэта. Ня гэта, браце! Усё тут. Усё! І гусак, і чатыры дні, і боль у сярэдзіне, і старасьць, і ўсё, што толькі ёсьць і можа быць. Усё, што было з малых дзён. Усе крыўды, усе сваркі, уся работа. Што зносілася на плячох... Ты думаеш гэта я тут з раскошы вялікае гусака дапамінаюся з Аляксандра? Што гэта мне на гэтага гусака сышло, ці што? Чорт яго бяры, з гусаком разам, згарыць ён няхай. От што!
— Дык ты гавары, дзядзька, якая ў цябе крыўда?
— Усё.
— Ну дык раскажы пра гэтае ўсё.
— Дык я-ж расказваю. Гавару, што ўсё. Усё, значыцца, уплялося сюды, ад самых малых дзён нараджэньня.
— Жыў бедна?
— Жыў.
— Гараваў?
— Гараваў.
— Дабра шмат бачыў?
— Якога там дабра!
— Перад начальнікам усякім шапку скідаў?
— Скідаў
— Сьпіну гнуў?
— Гнуў.
— Нішчымны хлеб еў?
— Еў.
— Дык от ты дзядзька і крыўду сваю выказаў?
— Можна сказаць, што і выказаў.