— Ну от. Дык у цябе, дзядзька, проста злосьць, што век свой ты пражыў, дабра ня бачачы. Праўда ці не?
— Можа і праўда.
— Ну, а яшчэ што?
— От часам у вочы валяюцца.
— Хто?
— От, ні той, то гэты.
— Як гэта?
— Ды от усяк бывае. Калі я цяпер узьбіўся на добрую, можна сказаць, гаспадарку, дык ужо мяне багатыром лічаць. А тут усяго таго багацтва, што круглы год, як той казаў, хлеб маю і які кавалак сала. То што гэта, я багатыр? Магнат гэта я?
— Ды які ты там багатыр.
Мужчыны цесна абкружвалі ўзбуджанага Алеся. Алесь усё гаварыў:
— Дык як-жа, значыцца, з малых дзён нараджэньня крыўда? Аж да злосьці чалавека даводзіць?
— Даводзіць.
— Значыцца нядобра?
— Нядобра.
— Іначай трэба?
— Можа яно і трэба.
— Пабагацець цяпер трэба. Дык яно і мінецца ўсё гэтае, патроху. Праўда ці не?
— Я гэта і без цябе ведаю, што ты мне гаворыш.
— Дык чаго-ж ты крыўдуеш.
— А што-ж, мала я крыўды бачыў на сьвеце?
— А от я, таксама, хіба ня бачыў крыўды? Але-ж я ня крычу на Тамаша, і ня злую ні на кога бяз дай прычыны.
— Ну, бо ты малады. У цябе іншая справа.