Хлопцы пачулі і наўмысьля разьвялі гаворку:
— Гэта які Сабыстыян, вусаты?
— Але.
— Вясёлы будзе камандзір.
— Ні так вясёлы, як баявы.
— Ды яны абодва нішто. Павал адно бараду зголіць.
Сабастыян падкруціў вусы і падаўся дадому. Юрка заспакоіўся, адшукаў Юзіка. Падышло больш яго таварышоў. Юзік быў вясёлы, свавольны. Падышоў да Мікалая і папрасіў:
— Дайце, дзядзька, я пабубню трохі.
Мікалай маўчаў, баючыся перарваць тахт. Як скончылі граць, тады ён адказаў:
— Ты ня ўмееш.
— Дальбог-жа ўмею.
— Зараз вальца будзем граць.
— Я умею і вальца бубніць.
Аднак Мікалай не пацешыў Юзіка, — сам стаў бубніць. Юзік адышоўся і засароміўся сваіх таварышоў, якія скублі яго за полы ватовае капоты:
— Пабубніў?
— Ну як, добра бубніць умееш?
— Бубнач!
Каб апраўдацца, і згладзіць уражаньне, Юзік успомніў:
— От, браткі, у Кудлатавага Амелькі грушы яшчэ ў садзе сьпеюць!
— Яшчэ?!
— Яшчэ. Я сам учора бачыў. Нейкія, мусіць, бэры.
— Хадзем.
— Ну але, хадзем!
І адразу ўсе пашлі. Перабеглі агароды, пералезьлі цераз плот у сад. У чатырох сталі каля