вей вылез наперад: шчуплаваты чалавек з васпаватым лбом, у кароткай салдацкай вопратцы і вельмі падраных і дрэнна палатаных портках; трымаў шапку ў руках; пробаваў гаварыць няроўным голасам, трохі зайкаючыся:
— ...Летась у мяне было тры вішні ў агародзе, дык я іх спаліў у печы, а пасьля ад вулачкі плот разабраў, так што людзі даўно пасеялі агароды, а ў мяне пустка была, сьвіньні цэлую вясну спацыравалі, каб яны павыдыхалі; не абагацца як Колькі я разоў табе, Андрэй, гаварыў, каб ты сваіх сьвіней ня пускаў.
Андрэй утуліўся ў ватовую жыкетку і падаў голас:
— Чаму гэта ўсё я вінават? Што я за грэшнік гэтакі? У таго гусака нехта забіў, дык ён да мяне чапляецца, у гэтага сьвіньні агарод парылі, дык таксама я вінават. Што вы маеце да мяне? Я богу душою ня вінен! Можа яшчэ я вінават, што ў цябе дроў ня было? Унь людзі панавозілі—калі хто вершалін, дык гальля тоўстага, што цэлую зіму паліў, ды бога хваліў. Нават-жа поўсажонкі адпускалі, а хто табе вінават, што ты нядбайны!
— А на чым я прывязу, калі ў мяне конь ледзьве ногі цягае. Есьці нічога ня хоча. Што я жонку запрагу ў драбіны, ці што? Можа ў каго браты ці сваты памагаюць, а ў мяне брат такі, што каб ён мне калі на макавае зерне памог!
Тут Мацьвей глянуў на брата Сабастыяна. Бачачы, што справа пашла зусім у іншы бок, вакол зарагаталі. Сабастыян падышоў да брата і палажыў руку яму на плячо. Мацьвей застаўся стаяць так, не пакідаючы гаварыць. Голас яго гучэў няроўна і з перапынкамі: