плоту вартаваць, двое селі на варотах у двор. Юзік і Юрка сталі ў дварэ пад вокнамі, гатовыя ў кожную хвіліну засьвістаць дзеля сыгналу і ўцякаць. Адзін палез на грушу і пачаў трасьці. Цьвёрдыя грушы застукалі аб халодную зямлю. Трывожна было і весела.
— Годзе, пакінь на заўтра.
— Заўтра ўсе сам абярэ.
— Трасі больш, калі так.
Страсянуў яшчэ разы са два і пачаў ссоўвацца ўніз. Усе гуртам шукалі ў месячным змроку на зямлі груш; пхалі ў кішэні і за пазуху. Трывога прайшла, засталася вясёлая ўзбуджанасьць. Амелька Кудлаты спаў недзе ў цёмнай хаце, і нічога ня ведаў. І гэта было нядобра, трацілася маладзецкая ўдаласьць. Тады вялікім гуртам падкраліся ціха пад вокны і, адчуваючы целам прыемны запах цьвёрдых груш, хвацілі весела і бяз рытму:
У Кудлушы |
І невядома было ім, ці грозны Амелька Кудлаты выскачыў за імі з хаты, ці ня ўсьпеў, адразу ўсе сыпанулі ўцякаць, перакідаючыся цераз весьніцы, губляючыся ў шыраце белае ночы.
Сабраліся зноў у садзе каля сельсавету. Мікалай курыў, трымаючы на каленях бубен. Клемусь гаварыў:
— Якая гэта музыка! Што гэта за музыка, калі ніякай гармоні.
Мікалай абазваўся:
— Ну пэўна, каб сюды гармоню двухрадку...
— Не, не пра гэтую гармоню.
— А пра якую-ж?