— Ну дык можаш сабе не адцурвацца, а гібець сабе пры сваім. Сваёю нішчымніцаю душыцца.
— То гэта-ж і з зямлёю нанава ўся музыка пачнецца?
— Нанава.
— От табе і на.
— Што?
— Мералі, мералі, а гэта нанава пачынай.
— Ну але, найлепш, дык сядзі на печы ўвесь век, не варушыся. Тады само табе ў рукі прыдзе.
— Прыдзе — ня прыдзе, а добра кажа, сядзі рукі склаўшы, дык затое спакойна будзе.
— Душа на месцы будзе. Хе-хе.
Волька ўтамілася да канца сходу. Балела ёй галава, хацелася ісьці па дварэ, у вострым паветры. Ад пярэстасьці твараў, гаворак, галасоў усё мятусілася ў вачох. І ўжо, як чыталі рэзолюцыю, адчула Волька, як хочацца ёй, каб хутчэй была прачытана яна. Было і накурана ў вялікім школьным пакоі — мужчыны ўваходзілі і выходзілі.
Волька сядзела адна за сталом, як усе разышліся. Павольны вечар агортаў зямлю. Чарнявы Петрык пашоў з Макаркаваю Волькаю. Алесь падышоў да стала:
— Ня варта было так зацягваць сходу.
— Чаму?
— Трэба прывучаць жанчын да сходаў, а так дык утамляюцца, неахвотна пасьля хадзіць будуць. А кожная кідае хату, сьпяшае хутчэй дадому... Ня трэба лішне зацягваць.
— Яны самі зацягнулі... Нічога... Я сама вельмі ўтамілася. Галава кружыцца. Пасядзі... Заўтра ячэйка будзе?
— Будзе.