— Там і ведаць няма чаго... Сілком лезьці ёй у вочы я ня буду.
— Яна сама, думаеш, да цябе прыдзе?
— Я ня думаю, што яна прыдзе... Яна таксама мучыцца... Я не падыходзіў блізка да яе, калі апошні раз гаварыў з ёю... Яна папробавала гаварыць са мною і з плачам уцякла ад мяне.
— З плачам уцякла?
— Я з тае хвіліны рашыў ня ісьці больш... Што гэта будзе за жыцьцё, калі яна будзе жыць са мною, а думаць пра таго...
— Яна-ж яго можа і ня ведае добра?
— Можа... Можа як уведае...
— Дык ня будзе думаць пра яго? Можа.
Далей ішлі моўчкі. Маўчала ўсё вакол іх. Вярнуліся назад, ішлі галоснаю вячэрняю вуліцаю.
— Можа зойдзем да мяне, — сказала Волька.
— Зойдзем.
Падняліся на высокі, скрыпучы ганак. Нячутна адчыніла Волька дзьверы. Вокны малога пакою выходзілі на кірмашовы пляц. Яна доўга чыркала запалкамі, стоячы перад вакном.
— Дай я запалю.
Алесь адчуў у сваіх руках яе халодныя пальцы, што перадавалі яму запалкі. Чорны абрыс яе постаці варушыўся на фоне акна.
— На, запалі.
— Якія ў цябе рукі халодныя.
— Сэрца затое гарачае.
— Ня відаць нешта.
— А як-жа ты хочаш, каб было відаць?
— Як... відаць? Ведаеш што?.. Ну, каб было... ну от я і запаліў...
— Што ты хацеў сказаць?
— Не, нічога.