Яна крыкнула і падперла кулакамі бараду. Так і стаяла некалькі хвілін пасярод пакою. Вочы яе калолі яго і губы моцна сьціснуліся.
— Чаго ты крычыш?.. Волька.
Яна зноў крыкнула:
— Алесь!
І раптам зьдзівіла яго. Падышла да стала, узьлягла на яго локцямі і заплакала.
— Чаго ты?
— Нічога ты не разумееш.
— Што?
— Дзеравяны ты, каменны.
— Чаго ты плачаш… ну?
— Ня пусьціце вучыцца?.. Ня пускайце, толькі нашто ўсё так гаварыць заўсёды? Можа мне зусім і ня хочацца ехаць нікуды вучыцца, можа я пагаварыць аб чым такім з табой хацела… Утамілася я. Раніцою ўстаю і спаць мне заўсёды хочацца. Ты ведаеш, якая я ўтомленая?! У цябе што. Ты прыдзеш, сход ячэйкі правядзеш, правядзеш сход гаспадароў, пасьля паедзеш, паарэш на полі… Ты мужчына, ты здаровы… Не, і ня гэтак… ня тое… Адпачыць мне хочацца…
— Бяры водпуск, едзь да сваіх… У сваю вёску. А не, дык чакай вясны, у дом адпачынку пашлем.
Яна маўчала. Села за сталом, сядзела так, падпёршы твар кулакамі. За тонкаю дашчанаю сьцяною ў гаспадара кватэры рыжага Хоні цікаў будзільнік, плакала дзіця. Волька моўчкі адарвалася ад стала, зашмаргнула паркалёвыя фіранкі на вокнах. Зноў стала на ранейшае месца каля стала.
— Пачакай, сястрыца, вясны, тады доўгі водпуск возьмеш.
Цяпер яна ўсьміхнулася.