— Я тут скажу перад усім народам. Ты, Сабастыян, не пабрацку робіш. Брат гэтак ня робіць. Ты багацейшы за мяне. У цябе двое коняй летась было, а дзяцей малых няма. Што табе адходзіць. Ты застаўся жыць на бацькаўшчыне, а мяне аддзялілі...
— Бо ты змоладу па сьвеце бадзяўся, а я ўвесь час рабіў на гаспадарцы... Ты не забывай, я табе сплаціў за пляц, хоць ты і забраў другую хату...
— У цябе паплавец за гумном і гумно...
— У гэтым самым гумне ты збожжа складаеш. Я табе і слова не кажу...
— Я тут перад усімі табе ў вочы скажу, я таіцца ня буду. Я люблю праўду, от што! Няхай людзі скажуць.
— Ідзі, Мацьвей, дадому, ляж ды прасьпіся, не сьмяшы людзей. Ідзі і я пайду з табою.
— Ідзі сам, калі табе трэба!
— Сабастыян з Паўлам адвялі Мацьвея назад. На вачох у Мацьвея блішчэлі сьлёзы. Выціраючы іх каравым рукавом, Мацьвей стараўся давесьці:
— Дайце, браткі, мне крыўду выказаць. Сабастыян, дай я выкажу перад усімі людзьмі, хачу сказаць, ні то што... Дзядзька Павал, пусьці. Сабастыянка, братка, куды ты цягнеш мяне. Чаму-ж сам ніколі ў крыўду не падаешся, а брат, патвойму, павінен загінуць ці што?.. От ты які... няхай-жа людзі ведаюць. Ты не пабрацку робіш, ты гад!
— Мацьвейка, ідзі, я цябе дадому завяду. Ідзі спаць ляж.
— Сабастыян!
Тады пачуліся галасы з усіх бакоў:
— Пасадзеце яго, няхай падрэмле трохі, ды ачухаецца.