— Яй-богу ты, Алесь, не адцягвай. Я табе тады гаварыў і цяпер скажу, што табе самая пара. Ты-ж жывеш, можна сказаць... ты на сваім месцы, ты займаешся тым, што табе трэба.
Алесю не хацелася гаварыць пра гэта і ён папробаваў пажартаваць:
— Ну, а ты-ж сам?
— Я?! Я — брадзяга, куды там мне.
— І зямлі ніколі браць ня думаеш?
— А што я з ёю рабіць буду? Наўрад ці я ту прабуду больш, як да вясны. Куды-небудзь вялікіх работ шукаць пайду. Будоўлі дзе якое.
— Ну, а там?
— Гэтак сама і там.
— Усё як-бы дачасу?
— Не дачасу, а адна галава не бядна. Чуў прыказку?
— Ну, а як-жа ты так?.. бяз бабы?..
— Эт, што там. Жывучы, усё бывае. Для жывога чалавека — усё ўсюды.
І цыкнуў праз зубы сьліною на халодную зямлю.
Толькі і бачылі Ганну ў той вечар у садзе на гулянцы. Перад гэтым некалькі дзён зусім яе нідзе ня відаць было. Таксама і пасьля таго вечару. Клемусь увесь той вечар не адыходзіў ад яе і цягнуў усё яе скакаць польку. Яна ўсё адмаўлялася, а нарэшце ня выбыла да канца і сказала Клемусю, што зусім пойдзе дадому.
— Дык я правяду цябе?
— Правядзі.