горадзе займуся зараз дыплёмкаю і ты будзеш пры мне!
Я ўжо нагледзеў табе падарунак, куплю тады, калі прыедзеш. А што, не скажу, няхай гэта будзе табе сюрпрызам.
Паўлік Кулікоўскі часта да мяне заходзіць, асабліва цяпер пачаў, калі ў яго вельмі далёка зайшлі непаразуменьні з жонкаю. Прыходзіць і гаворыць аб чарговых справах нашага акруговага зямельнага аддзелу. Раней дык ён мог гаварыць аб усім, чытаў шмат, любіў музыку, а гэта высах нейк і ўсё як-бы куды сьпяшае. Да чаго можа дайсьці ў чалавека. Што значыць — павязе ці не павязе ў жыцьці, заўсёды гаворыць ён мне, калі мы пачном аб гэтым гаварыць. От я, кажа, разлучуся з жонкаю на вясну, тады мне і павязе. Паеду, кажа, кудынебудзь на вялікую практыку, займуся вялікаю работаю. Невядома, як гэта ўсё будзе, пабачым.
Дык чакай ад мяне тэлеграмы і зьбірайся. Я тады нічога з вашымі пра гэта ўсё не пагаварыў. І ты, мусіць, сама нічога не казала ім (ведаю я цябе!). Дык ты як-небудзь скажы, так, каб лішне доўгіх гаворак і разваг ня было. Калі на тое пашло, пачытай ім гэты ліст. Абы ўсё зрабілася без усялякіх там замінак і зацягваньняў. Каб ніякіх цырамоній ня было. Мусіць табе давядзецца яшчэ вытрымаць націск наконт шлюбу ў царкве. Трымайся і чакай мяне.
Я цябе кахаю вельмі моцна. Чакаю цябе; і ты чакай мяне.
12 лістапада. Андрэй.
Ганна дачытала ліст, заплюшчыла вочы. Прыціснула ліст да ілба.