Жонка глянула ў адчыненыя дзьверы.
— Люба, ты нам, з таварышам Алесем, гарбаты.
Зноў да Алеся:
— Першая задача —год з капэляю працырамоніцца.
— Год!?
— Ня менш. Сапсаваць ня штука. Але каб правільна разумелі музыку!
— Ну, а пасьля?
— А пасьля хор. Гэтых самых, што са мной у царкве сьпявалі. Я іх на іншыя рэйкі перавяду!
Алесь маўчаў.
— Толькі... Я от усё зьбіраюся сказаць...
— Ну, гавары.
— Тут справа простая. Праз які-небудзь год, Ці можа хоць і больш, на курсы якія-небудзь трэба мне. Калі там тое ў мяне было! Я адстаў ад сучаснае музычнае школы.
Алесь панура сказаў:
— Грошай няма. Што ты зробіш.
Той як-бы і не заўважыў:
— Хоць гады праз два.
— Тады пабачым.
— Трэба, няйначай. Бо я —займаюся, от і адчуваю, што маглі-б тут увесь сьвет зьдзівіць. Чуў нашу апошнюю рэпэтыцыю?
— Гэта ў сельсавеце?
— Не, тут, у мяне.
— Ня чуў.
— Трэба было паслухаць. Хлопцы здольныя. Таленты. Я іх усіх на рэйкі паставіў. Цяпер простыя рэчы ідуць у нас, просьценькія. Пасьля будзем на іншы маштаб пераходзіць.