Стукалі калёсы, трасьліся вазы.
Хмары ўсё плылі па высокім небе. Гусьціліся на даляглядах, сінелі і цямнелі над зямлёй. Гойдаліся вятры на дрэвах, зямля маўчала, слухала ў чулай дрымоце і вострай чуласьці. Поле пахла ветрам. І шырынёю сваёю жадала сонца. Сінелі лясы, ціха і нявінна. Так, як падзіцячаму сьвецяцца конскія вочы на палявых дарогах.
Даўно ўжо абветралі дарогі; пашарэла ральля і добра урунела жыта. Поле сумавала пад густымі вятрамі, пад радасным пахам ялоўцу. І сьледу не засталося ад курлыканьня жураўлёў, плаўнага руху гусей. Балоты жаўцелі ў хмурнасьці сініх дзён, маўчалі і шырыліся асеньняю воляй. Пахла зямля карою дрэваў, халодным карэньнем мокрага зельля з рэкавых берагоў і з дна рэчак, чыстых і ціхіх, як конскае вока.
Яшчэ часамі пастушкі гналі авечкі ветравым полем і туманілі неба дымам сухога картапляніку. Пробавалі сьпяваць салдацкія песьні. Пасьля маўчалі, аддаючыся задуменнасьці сухое саломы і пажаўцелай травы.
І якая-ж трава маўчала на полі! і ў якіх-жа туманох вырастала яна і сохла!
Пыльнае сьцябло было ў травы! Абпыленае летняю гарачынёю, размахамі асеньняе волі. Веснавымі вятрамі, сонцам; і нястрымнасьцю дарог. Ляжалі дарогі, беглі ў сьвет. І гойдалася трава каля іх. У карэньнях травы, у земляной прытульнасьці летавалі мурашкі, поўзалі па траве і жылі. Вятры атрасалі іх з травы, дажджы палівалі траву