— Чаму твой конь такі худы?
— Куды гэта ты езьдзіў?
— Гэта твой сабака?
Ён толькі ўсьміхаўся і ехаў далей. Юзік дагнаў яго і ішоў поплеч:
— Дзе ты быў, Юрка?
— У Чучанох.
— Чаго?
— Езьдзіў даведвацца, ці боты гатовы.
— Чаму-ж вы ў Чучаны аддавалі шыць?
— Там таней шыюць.
— А што, не гатовы?
— Не яшчэ.
— А калі будуць гатовы?
— К нядзелі... колькі гэта каштуе вакса?
— Ня ведаю. Мусіць дзесяць капеек.
— Не, здаецца, сем.
— Ну але, мусіць, сем. Нашто табе?
— А от як боты будуць...
— А-а-а...
— Бяз ваксы ня добра.
— Дурны ты. Дык ты можаш прасіць у Мікалая. Ён-жа кожную нядзелю боты ваксуе.
— Дык ён дасьць раз ці два, а пасьля возьме ды ня дасьць. Найлепш сваю мець.
— А вы, як перад вялікаднем калолі япрука, дык шчаціньне прадавалі ці не?
— Не, ляжыць у сенцах на бэльцы. Тата, як заколе цяпер зімою другога, дык тады разам прадасьць.
— Дык ты вазьмі трохі шчаціньня ды занясі на места прадаць. От табе і будзе на ваксу.
— А як тата агледзіцца?
— Вельмі ён пазнае.
— Дык я так і зраблю хіба.