Юрка дрыжэў і галасіў.
— Гавар-ры!
І зноў пачаў біць.
— Аяй, аяй! Ня буду больш... Самі парваліся!.. Аяй-аяй! Аяй-аяй!
І з немым крыкам рвануўся, стукнуўся галавою бацьку ў жывот і вырваўся. І зразу кінуўся ўцякаць у агарод. Ня бачыў ужо, дзе дзеўся бацька, ня чуў нічога. Прабег цераз агарод, ускочыў цераз плот у суседні сад і, ня могучы стрымаць моцнага плачу, выбег на вуліцу, прабег усю яе ўпоперак і выбег на паплавы. У новых ботах, рашпіленым кажушку і бяз шапкі.
Вецер асушыў на твары яго сьлёзы. Ён паволі ішоў парыжэлымі паплавамі, плюхаў ботамі па вадзе, моцна гаворачы:
— Чорт яго бяры, з ботамі разам. Няхай пляжацца. Няхай псуюцца, калі ён гэтакі разумны, падла гэтая старая, няўдалая, здохлая! Трасцы і хваробы яму! Будзе некалі ўміраць, папросіць, каб дараваў, ніколі не дарую. Ён у мяне здохне, як сабака. Тады ўспомніць!..
Ён нарочна выбіраў, дзе больш вады і з усіх сіл пляскаў ботамі. Адчуваў, як тонкі тавар прамок і халодзіць ногі. Так ішоў аж да самых далёкіх кустоў пад рэчкаю. Прыпыніўся на мокрым беразе, прайшоў трохі ўздоўж паўз рэчку. Вады на беразе ня было, толькі макрэла зьедзеная і зьбітая жывёлаю трава. Пакінуў гаварыць, пашоў назад, голасна і роўна плачучы. І патроху адчуў, якая гэта вялікая асалода для яго плакаць. І якая вялікая асалода ў тым, што баліць і ные зьбітае бацькам цела. Асалода ад сьлёз і болю, бо быў слабым